СТАТУ́Т ААН,
шматбаковае міжнар. пагадненне, распрацаванае вядучымі дзяржавамі антыгітлераўскай кааліцыі (СССР, ЗША, Вялікабрытаніяй, Францыяй і Кітаем) у гады 2-й сусв. вайны і канчаткова ўзгодненае на канферэнцыі ў Сан-Францыска ў 1945. Падпісаны 51 дзяржавай (у т. л. БССР) і набыў сілу 24.10.1945. З’яўляецца канстытуцыйным дакументам, які ўстанавіў і рэгулюе жыццядзейнасць найбуйнейшай універсальнай міжнар. арг-цыі — Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, асн. мэта якой, як сцвярджаецца ў прэамбуле Статута, заключаецца ў тым, каб «пазбавіць будучыя пакаленні ад бедстваў вайны, двойчы ў нашым жыцці прынёсшай чалавецтву невыказнае гора». Прадугледжвае, што ААН павінна быць цэнтрам для ўзгаднення дзеянняў дзяржаў у дасягненні мэт падтрымання міжнар. міру і бяспекі, развіцця дружалюбных адносін і ажыццяўлення ўсебаковага супрацоўніцтва дзяржаў з розным сац. ладам. Статут заклаў падмурак універсальнай сістэмы калектыўнай бяспекі, цэнтр. структурным звяном якой з’яўляецца Савет Бяспекі ААН, які нясе гал. адказнасць за падтрыманне міжнар. міру і бяспекі. Статут вызначае функцыі і паўнамоцтвы інш. гал. органаў ААН — Генеральнай Асамблеі ААН, Эканамічнага і сацыяльнага Савета ААН, Савета па апецы ААН, Міжнароднага суда ААН, Сакратарыята ААН, а таксама спецыялізаваных устаноў ААН. Ён устанаўляе ў абавязваючай форме асн. прынцыпы і нормы паводзін дзяржаў на сусв. арэне і падкрэслівае, што дзяржавы павінны строга выконваць прынцыпы забароны выкарыстання сілы і пагрозы сілай, мірнага вырашэння міжнар. спрэчак, неўмяшання ва ўнутр. справы, суверэннай роўнасці дзяржаў, добрасумленнага выканання міжнар. абавязацельстваў і інш. На падставе С. ААН узнікла, працягвае дзейнічаць і развівацца шырокая і разгалінаваная сістэма пасляваенных міжнар. дагавораў і пагадненняў у самых розных галінах чалавечай дзейнасці.
т. 15, с. 170
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)